Сядзіба Раўдондварыс
Яшчэ ў 1652 годзе ў мястэчку Раўдондварыс стаяў дом з чырвонай цэглы. Першым яго ўладальнікам згадваецца каўнаскі падкаморы Дзявалтоўскі. Пазней сядзіба належала розным вяльможам – Касакоўскім, Радвілам, Варлоўскім, Забелам. У 1825 годзе малады граф Бенедзікт Эмануэліс Тышкявічус ад свайго бацькі атрымаў Раўдондварыс як шлюбны падарунак. Аднак пасля пажару 1831 года амаль усё ў сядзібе давялося будаваць нанова. Гаспадар грошай не шкадаваў і дом абсталяваў як палац. Сцены былі ўпрыгожаны партрэтамі каралёў і магнатаў, паляўнічымі трафеямі пана Тышкевіча. Пакоі асвятлялі высокія шыкоўныя люстры, абагравалі шведскія кафляныя печкі. На кухні сядзібы ўжо ў той час карысталіся прыладамі для таркавання бульбы, падрыхтоўкі газаванай вады. Абсталявалі і ваннае памяшканне, чатыры хатніх туалета. У графа было нават 75 камізэлек і 58 пар пальчатак, у гардэробнай ледзь змяшчаліся ўборы, вышытыя залатымі ніткамі. Не дзіва, што спатрэбіўся гардэробшчык. Манеты і брыльянты ўзважвалі на особных вагах. Аднак багацця не засцераглі ад горкіх страт. Памерла жонка гаспадара, сын не пражыў і двух тыдняў. Старэйшая дачка з-за хваробы памерла ў 21 год…
Малодшая дачка выйшла замуж за аўдавелага мужа сваёй сястры і нарадзіла сына Бенедзіктаса Генрыкаса. Ад дзядулі ўнук пераняў прыхільнасць да палявання, вандраванняў, і яго мастацкія фотоаздымкі выстаўляліся за мяжой. Там і сустрэў будучую жонку – амерыканку Элізабет Клару Банкрофт. Калі прыехалі ў Раўдондварыс, галоўная вуліца была ўпрыгожаная лямпачкамі, сабраліся ўсе дваровыя людзі.
Кожны прыезд гаспадароў надаваў працы і слугам, і конюхам, і аркестрантам: графу падабалась арганізоўваць розныя карнавалы.
Нагледзеўшыся у падарожжах на святы ў Кітаі, Бенедзіктас Тышкявічус і ў сваёй сямейнай сядзібе загадваў упрыгожваць дрэвы чырвонымі ліхтарыкамі, іх былі сотні. Выбіраў адзенне з шоўку, па колеру – як у важнага кітайского мандарына – і графа неслі праз сядзібу ў паланкіне чацвёра слуг, таксама ў кітайскіх адзеннях. Калі “імператар” з’ехаў у Францыю, сядзібу Раўдондварыс пераняў старэйшы сын Бенедзікт Ян, але і ён з’ехаў за мяжу, перад Першай Сусветнай вайной. У міжваенны перыяд у сядзібным доме-палацы некаторы час дзейнічаў Камітэт дапамогі жанчынам Літвы, пазней – дзіцячы прытулак. Падчас Другой Сусветнай вайны немцы спалілі дом і аранжарэю. У савецкія гады ў Раўдондварысе працавала машынна-трактарная станцыя, дзейнічаў Інстытут сельскай гаспадаркі. Адроджаная цяпер сядзіба з’яўляецца рэпрэзентатыўным месцам у Каўнаскім раёне.