Сядзіба БАБТЫНАС – ЖАМАЙТКЕМІС
Першыя вядомыя ўладальнікі сядзібы ў XVI ст. – дваране Шукшты (Šiukštos). Пазнейшымі былі Прозары, Тышкевічы. Па выніках зямельнай рэформы 1922 года сядзібу перадалі генералу Уладасу Нагявічюсу (Vladas Nagevičius), як адному з заснавальнікаў структуры Літоўскай арміі. Падчас кожнага прыезду генерала ў сядзібу, якую ён назваў Жамайткеміс, падымалі сцяг Літвы – трыкалор. Пры У. Нагявічусе пачалі рамонт дамоў і іншых пабудоў, ўладкавалі парк, пашырылі стайні, пабудавалі ветраную электрастанцыю.
Нагявічюс наймаў параход, які па рацэ Невежыс дастаўляў гасцей у Жамайткеміс. Калі ў сядзібе ўжо цямнела, гаспадар фарамі аўтамабіля асвятляў сцэну, на якой ладзіліся спектаклі. Непадалёк палыхалі вогнішчы, гучалі літоўскія песні… Генерал-інтэлектуал лёгка завязваў размовы з важнымі чыноўнікамі, але таксама і з парабкамі. Убачыўшы на дарозе чалавека, падвозіў на аўтамабілі, а сам у нядзелю ездзіў з жонкай на імшу ў крытым фаэтоне.
Асноўныя гаспадарчыя пытанні вырашаў аканом. Гаспадыня Вераніка Нагявічіене паспяхова прымала рашэнні, якія датычыліся коней. У Каўнас, у дзіцячую бальніцу, вазілі па 24 кілаграма свежага сметанковага масла. Сядзібе належала амаль 90 гектараў зямлі, гаспадарка лічылася ўзорнай.
Перад Другой Сусветнай вайной Нагявічусы з’ехалі ў ЗША, у сядзібе пачала працаваць кантора. Дом-рэзідэнцыю пераўладкавалі ў шматкватэрны. У 1999 годзе прадпрымальнік М. Швянтарайтіс купіў сядзібу на аўкцыёне. Перасяліўшыся з Каўнаса, ён распачаў рэстаўрацыю. Цяпер у Бабтынасе-Жамайткемісе адбываюцца мастацкія пленэры, фестывалі класічнай музыкі.