СЯДЗІБА ў ТРАКУ ВОКЕ
Назва “Воке” у гістарычных крыніцах згадваецца ўжо ў 1375 годзе – непадалёк праходзіла армія крыжакоў. Гэтыя землі доўгі час пераходзілі з рук у рукі. З сярэдзіны XIX стагоддзя на рэшце рэшт спынілася змена ўладальнікаў сядзібы і далей, на працягу амаль сотні гадоў, Траку Воке з’яўлялася фамільнай вотчынай графаў Тышкевічаў (літоўск. Tiškevičiai).
Спачатку графы прыязджалі толькі летам, пакуль італьянскі архітэктар Марконі не спраектаваў Тышкевічам у сядзібе Траку Воке раскошны палац па ўзоры каралеўскай рэзідэнцыі ў Варшаве. У інтэр’еры панавала раскоша: мармуровыя камінкі, крыштальныя люстры, дарагія карціны.
Гаспадар сядзібы Ян Вітольд Эмануэль Тышкевіч вырашаў усе пытанні адносна сядзібы і гаспадаркі, клапаціўся аб сямейных справах, арганізоўваў прыёмы і нават удзельнічаў у пакупке нарадаў і капелюшоў для сваёй прыгажуні жонкі Ізабелы. У салоне ў Тышкевіча было сваё, асобнае крэсла; калі граф чытаў газеты, яго ніхто не турбаваў. Пані Ізабела ў халодную пару вязала на спіцах шалікі, шапкі, пальчаткі, шкарпэткі. Іх на Каляды дарылі слугам – па чарзе, у залежнасці ад іх абавязкаў. Дарослым давалі выпіць чарку гарэлкі, а дзецям раздавалі цукеркі. Мясцовыя насельнікі паважалі гаспадароў. Рэлігійную і міласэрную графіню называлі “Манстранцыя”, г. зн. “Дараносіца”. А і самім гаспадарам падабалася ствараць ў сядзібе прыемную атмасферу.
Паміж сабой Тышкевічы размаўлялі па-польску, з гасцямі і іншымі людзьмі – па-французску. Снедалі кожны ў сваім пакоі. Да 12 гадзін па дому звычайна хадзілі ў халатах. У 15 гадзін усе прыгожа ўбраныя сядзелі за абедзенным сталом. Графіня загадзя, з вечара, угадняла, што гатаваць: абед заўжды складалі шэсць страў. Чакаючы гасцей, куты ў пакоях пасыпалі ігліцай, у камінах палілі карычнае дрэва – каб памяшканні напоўніліся прыемнымі водарамі.
Пасля смерці графа ў 1892 годзе сядзіба Траку Воке перайшла малодшаму сыну гаспадара Яну Юзафу Тышкевічу (Jonas Juozapas Tiškevičius). Ландшафтны архітэктар Поль Андрэ пераўладкаваў парк: былі сфармаваныя ліпавыя алеі, каскады, а таксама ванны з з натуральнага каменя, асобныя для дам і кавалераў. Лёс Яна Тышкевіча быў трагічным. У 43 гады, ў дзень свайго нараджэння, спяшаючыся дадому, ён загінуў у авіякатастрофе. Праз некалькі месяцаў графіня з дзецьмі з’ехала на Захад.
Без гаспадароў маёнтак прыйшоў у заняпад. У 1945 годзе сядзібу пераўтварылі ў вілу Савета міністраў. Пазней тут дзейнічаў філіял Дотнувского Інстытута сельскай гаспадаркі (Dotnuva). У 2014 годзе была створана ўнітарная ўстанова “Сядзіба Траку Воке”.