
У сядзібе, якая займала прыкладна 800 гектараў, пад сямейную рэзідэнцыю было выдзелена 80 гектараў. Праект архітэктара Юзафа Гуса (Józef Huss) ўяўляў сабой годны ўзор неакласіцызму. Палац пабудавалі ў 1897 годзе як летнюю рэзідэнцыю. Уваход упрыгожылі гербы Тышкевічаў (у насценных квадратных картушах), ля палаца – дэкаратыўныя вазы (у партэрах, каля палаца) і скульптуры, якія сімвалізавалі чатыры пары года – Вясну, Лета, Восень і Зіму.
Унутраны інтэр’ер аформлілі раскошна: крыштальныя люстры, казачныя падсвечнікі, творы мастацтва, мэбля – з Парыжа. На першым паверсе палаца сіметрычна размешчаліся сем памяшканняў, у тым ліку сталовая, курыльны пакой, кабінет графа, асобныя памяшканні для дварэцкага, камердынера. Найбольш раскошнай была бальная зала, якую з-за велізарных люстэркаў ў пазалочаных рамах называлі люстранай. На другім паверсе былі апартаменты графа, дзіцячыя спальні і пакоі для заняткаў, гульняў. Більярдная злучалася з багатай бібліятэкай, якую складалі шматлікія і розныя кнігі.